Летапіс школы

01.09.2022

Летапіс школы

 У “Памятнай кнізе Віленскай вучэбнай акругі за 1874 год, на старонцы 416 адзначана, што Дрычынскае народнае вучылішча Навасёлкаўскай воласці адкрыта ў 1866 годзе. Размяшчаецца ў грамадскім доме бясплатна.

На ўтрыманне вучылішча казна адпусціла ў год 25 рублёў і 156 рублёў – мясцовае сялянскае таварыства.

Першая настаўніца, Надзея Паноўская, удава свяшчэнніка, закончыла ў свій час Парычскае вучылішча “для девиц духовного звания”. Пад яе апекай было 59 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак.

Затым на яе месца ў 1871 годзе быў прысланы Васіль Быліновіч.

У 1900 годзе ў вучылішчы займаліся 54 хлопчыкі і 3 дзяўчынкі. Настаўнікам быў Міхаіл Васілеўскі.

У 1904 годзе для вучылішча быў пабудаваны новы драўляны будынак. Настаўнічала тады Марыя Зубец, якая працавала да 1917 года. Навучанне вялося на руска-славянскай мове. Падручнікі, аркушы паперы, пёры, грыфелі, дошчачкі да іх, чарніла выдаваліся бясплатна, але вярталіся назад для справаздачнасці.

Першымі выпускнікамі-выдатнікамі былі Жураўская Любоў і Блізнюк Мітрафан.  Узнагароджаны яны былі Ганаровымі лістамі ў цэнтры якіх быў вобразатвот Цара Мікалая ІІ, а па перыметру- здымкі ўсіх пісьменнікаў таго часу. Вучылішча наведвалі ў большасці хлопчыкі, дзяўчынак было мала. Дысцыпліна была строгая, навучанне вялося з абавязковым чытаннем на памяць малітваў.

Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі быў адкрыты шырокі доступ да адукацыі. У краіне было ўведзена ўсеагульнае пачатковае навучанне.

У 1917 годзе Народнае вучылішча было пераптворана ў пачатковую школу 1-й ступені.

У розны час тут настаўнічалі: Аляксандр Ковель, Павел Емяльянаў, Еўдакім Куль, Лідзія Якубовіч.

У 1932 годзе Дрычынская пачатковая школа была ператворана ў сямігодку. Дырэктарам быў назначаны Цырлінскі Уладзімір Сцяпанавіч.

У час Вялікай Айчыннай вайны школа была спалена. Фашысты знішчылі ўсё абсталяванне, наглядныя дапаможнікі і бібліятэку.

Пасля вайны школа ўзнавіла сваю работу. У тых цяжкіх умовах прыйшлося купляць гатовыя старыя пастройкі і прыстасоўваць да класных памяшканняў. Школа складалася з 3 будынкаў: настаўніцкі пакой, старэйшыя класы, малодшыя класы.

У 1951 годзе школа была ператворана з сямігодкі ў сярэднюю. У 1954 годзеадбыўся першы выпуск сярэдняй школы.

Цікавым і змястоўным жыццём жыла школа ў 1960 гадах. Дырэктарам школы працаваў Кукарэка Фёдар Фёдаравіч (1963-1966). З 1968 года па 1975дырэктарам школы працуе Канаш Іван Уладзіміравіч. У гэты час закладваецца будынак новай школы. У 1975 годзе новая школа адчыніла дзверы для вучняў. Дырэктарам новай школы прызначаецца Качура Іван Іванавіч. Ствараюцца кабінеты, афармляюцца калідоры, вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце піянерскай і камсамольскай арганізацый.

1980-я гады ўвайшлі ў летапіс школы асобнай старонкай. 29 снежня 1982 года ў школе адкрыты гісторыка-краязнаўчы музей (кіраўнік Кукарэка Ф.Ф.).

У 1990 гады амаль на 90% абнаўляецца настаўніцкі калектыў. Дырэктарам прызначаецца Фядотаў Генадзій Іванавіч. У 1989/1990 навучальным годзе ў школе навучалася 220вучняў, з іх 99 дзяўчынак і 121 хлопчык.

У 2015 годзе школа атрымала статус базавай школы. У школе у той час навучалася 63 вучні. У 2015 годзе адбыўся апошні 62 выпуск сярэдняй школы.  Закончылі школу 6 выпускнікоў.

У 2023/2024 навучальным годзе за парты селі 67 вучняў.